Перайсці да зместу ↓

Ганна Казека распавядае пра свой вопыт паступлення ў UWC

16 September 2018
 

"Я хапала кожную магчымасць для набыцця новага досведу і імкнулася стаць добрым кандыдатам для руху, нават напісала фарбай на люстэрцы мэту UWC, каб заставацца натхнёнай"

Прывітанне! Я Ганна. У дадзены момант скончыла сваю вучобу ў Ліцэі БДУ і ужо ў жніўні еду на вучобу ў каледж маёй мары - UWC Adriatic, які знаходзіцца ў Італіі.

Дазналася я пра рух UWC зусім выпадкова: у дзявятым класе трапіла на відэа 3D тура па каледжы у Дзіліжане і была уражана выглядам гэтага будынка і месцам, дзе яно размешчана, таму скапіяваўшы назву пад відэа, пачала шукаць, што гэта такое. Даведалася, што такіх каледжаў у свеце 17 і для цікавасці ўвяла UWC Беларусь. Майму здзіўленню не было межаў, я не магла нават уявіць магчымасць існавання такіх праграм ў Беларусі.

Звычайная вучоба ва універсітэтах мяне ніколі не вабіла, я не хацела выбіраць адну спецыяльнасць, да тагож яшчэ не разумела, што мяне больш цікавіць ў жыцці, а ў UWC ёсць магчымасць выбіраць тое, што падабаецца. Спачатку трымала інфармацыю пра свае планы ў сакрэце, баялася канкурэнцыі,  а пасля вырашыла расказваць ўсім пра гэты рух, бо амаль ніхто не ведаў пра гэтыя каледжы.

На той момант я вельмі цікавілася біялогіяй і па выніках алімпіяды мяне занесла ў Ліцэй БДУ. Толькі у Ліцэі зявілася магчымасць дакрануцца да мары і пазнаёміцца з тымі, хто ужо там вучыцца. У горадзе, адкуль я родам, амаль не было магчымасцяў займацца такімі рэчамі як: верхавая язда, валанцёрства, моладзевыя канферэнцыі. Таму, пасля прыедзу ў Менск адчыніліся дзверы новых магчымасцяў. Я спрабавала паступіць у каледж пасля дзясятага класа, а калі не прайшла нават на другі тур, з натхненнем стала працаваць больш,  актыўна  рыхтавалася да паступлення: валанцерыла ў прытулку для жывёл, далучылася да экалагічнай арганізацыі, пачала хадзіць на канферэнцыі, удзельнічала у мадэляванні ААН і еўрапейскім моладзевым парламенце,  карацей, я хапала кожную магчымасць для набыцця новага досведу і імкнулася стаць добрым кандыдатам для руху, нават напісала фарбай на люстэрцы мэту UWC, каб заставацца натхнёнай. За час падрыхтоўкі у мяне шмат чаго змянілася, павялічылася маё кола інтэрэсаў, я даведалася, як бы гэта дзіўна не гучала, што такое Беларусь.

Мне вельмі пашчанціла, што мае бацькі падтрымалі мяне на шляху да мары і дапамагалі, калі гэта было патрэбна. Сябры таксама дапамагалі, часам нават тым, што не верылі ў маё паступленне.

Дазналася я пра вынікі інтэрвью пасля дванаццаці гадзін вечара,  у той момант я была самай шчаслівай, пачала званіць сваім бацькам, яны нават не спалі, хваляваліся за мяне і чакалі вынікаў.

 З нецярпеннем чакаю пачатку сваёй вучобы у каледжы. Вучням будзет прапанавана выбраць са спісу прадметаў толькі 6, шмат з якіх я ніколі не спрабавала ў жыцці, таму планую ўзяць як мага больш новага. Асаблівасцю UWA Adriatic з’яўляецца яго добра развітая сфера мастацтваў, я яшчэ не вырашыла, чым буду займацца пасля вучобы, таму за гэтыя два гады я паспрабую знайсці сябе і як мага больш новых сяброў.

Для тых, хто паступае ў UWC, я раджу перад падачай заяўкі ў каледжы прачытаць як мага больш інфармацыі пра гэты рух, у тым ліку яго галоўныя мэты,  гэта дапаможа зразумець якога чалавека там чакаюць. Проста марыць пра паступленне мала, трэба падцвердзіць сваю годнасць вучыцца там сваім удзелам розных мерапрыемствах: канферэнцыях, валанцёрскіх работах, алімпіядах, каб гледзячы на дасягненні можна было зразумець, што з сябе прадстаўляе кандыдат на паступленне.

Мары здзяйсняюцца, калі ў іх верыць і ісці ім насустрач.

Даведацца больш пра працэс адбору можна тут.

 

Tagged Before UWC