Перайсці да зместу ↓

Уладзімір Трэйгіс распавядае пра свой вопыт паступлення ў UWC

23 September 2018
 

"Перш за ўсё вучыў геаграфію – маю спадарожніцу, якая побач са мной ад нараджэння: сталіцы па дарозе ў садзік, фізычная мапа ў прыбіральне, контур роднай Беларусі ў кожным сшытку. "

Прывітанне! Мяне завуць Уладзімір, а клічуць… хто як. Я з Ваўкавыска – старажытнага горада Заходняй Беларусі, якому ўжо хутка будзе 1013 гадоў (мне толькі 17). Заўтра мне афіцыйна выдадуць атэстат аб аканьчэнні Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Такім чынам, апошнія два гады я даведваўся аб сталічным жыцці, даведаўся аб UWC, ну і, канешне, старанна вучыўся. Перш за ўсё вучыў геаграфію – маю спадарожніцу, якая побач са мной ад нараджэння: сталіцы па дарозе ў садзік, фізычная мапа ў прыбіральне, контур роднай Беларусі ў кожным сшытку. Таксама ліцэй падарыў мне сяброў, сярод якіх заўсёды знойдуцца людзі з падобнымі хоббі: хтосьці з табой будзе бегаць раніцай, хтосьці пакліча на стадыён с футбольным мячом, хтосьці будзе пець пад маю гітару або сходзіць са мной паслухаць электрагітару на канцэрт. Але зараз зноў да геаграфіі. Удзельнічаючы ў алімпіядзе, я знайшоў сапраўдную сяброўку геаграфіню Улляну, якая была пад вялікім уражаннем пасля сумоўя і сказала, што ў наступным годзе я проста павінен сябе спрабаваць. Ну канешня павінен! Я адкрыў старонку ў інтэрнэце і пачаў чытаць. Зачытаўся. Геаграфія на практыцэ: столькі цудоўных дзяцей са ўсяго свету, іншая краіна, рэльеф, жывёлы, тысячы гісторый, дзясяткі рэлігій, а таксама мэты UWC – амаль што гатовы блок па ўстойліваму развіццю на геаграфічнай алімпіядзе. Але ж трэба будзе й трошкі папацець. Прачнуўшыся раніцай, я пачаў свой дзень з беларускай мовы і так рабіў кожны наступны. За тыдзень я вывучыў усе білеты па гісторыі. Мне вельмі спадабалася такая ідэя прасоўвання нацыянальнай індэнтычнасці, бо яна працуе! Што я зрабіў яшчэ? Так, я працягваў удзельнічаць і перамагаць у геаграфічнай алімпіядзе, плануючы папасць на міжнародную алімпіяду, я пачаў дзяліцца тым, што маю – ведамі польскага, геаграфіі, запісваўся куды толькі ручка дацягвалася. Але усё ж такі я дзякую ідэям UWC за тую беларускасць, якую я атрымаў.

Я не самаўпэўнены (мне так здаецца), але і баяцца прычын я таксама не знаходзіў. Як я ўжо казаў, я прабаваў сябе дзе толькі мог. Вось і UWC для мяне быў сапраўдны вопыт – абяцалі гульні і цікавых дзяцей, нууу, цікавых дзяўчынак: акрамя мяне ў групе было 11 дзяўчын. Я памятаю, як я туды ехаў з усмешкай на твары і з сваімі самымі удачлівымі шкарпэткамі) Мне спадабаліся ўсе гульні, што там можа быць цяжкага? Галоўнае быць самім сабой. Цікавы быў праэкт, ну якая геаграфічная алімпіяда абыйдзецца без праэкту за 15 хвілін? Больш за ўсё мне спадабаліся самі студэнты і выпускнікі UWC. Я глядзеў на іх, як на людзей з іншай планеты. Разумныя, дарослыя, вопытныя, усмешлівыя, вясёлыя і заўсёды са сваёй ангельска-беларускай трасянкай. На сумоўе я пайшоў першы. Мне было так цікава, што я не адчуваў адбору. Розныя мужчыны і жанчыны пыталіся ў мяне пра розныя рэчы, я толькі галаву паспяваў паварочваць. А калі і яшчэ пра геаграфію пыталі, ну дык я па адрасу прыйшоў. Пасля мне патэлефанаваў бацька, спытаў як справы. Я адказаў, што цудоўна (адказы нармальна або добра ў нашай сям’і не прымаюцца), а ўжо наступным ранкам я патэлефанаваў бацькам. Цудоўны ранак і рэакцыя бацькоў. А я вось ужо паўгады прабую асэнсаваць гэта. І далей буду асэнсоўваць, пакуль мне сонейка дыліжанскае не пасвеціць. Але ўпэўнена магу сказаць, што кожнай сваёй часткай чакаю Дыліжан.

Так, чакаю сонейка, сонечных людзей, заняткі пад сонечным небам. Мне з першага класа прапанавалі стаць доктарам, праграмістам, нават мараком. А я шукаю, нібыта йграю ў схованкі са сваёй будучыняй, і, як у гэтай гульні бачу не схаваныя ногі пад шторай, дык і тут, разумею, што я ўжо блізка. Я думаю, што ў Дыліжане ў мяне сківіца адваліцца ад магчымасцяў, а зараз пакуль што планую знайсці сябраў, вывучыць новую мову, праветрыць лідскія кеды на спортпляцоўцэ, запомніць або запісаць тысячы ідэй для Беларусі, атрымаць веды (я хворы на навуку), дэвэлап май мюзік скілс, карацей, па поўнай праграме. Часамі нават шкада, што нельга ўзяць сем прадметаў, або два з адной групы.

Хутка ўжо самалёт да Арменіі, за бартом будзе мой старажытны горад, сябры, сям’я. Але два гады ў Менску навучылі мяне самастойнасці, я ўехаў ад сваіх мястэчковых сяброў і ад сям’і. Усе гавораць, што першыя паўгады страшна сумуюць. Я таксама буду сумаваць, але у мяне на гэты конт ужо ёсць вакцына. І ўсё ж такі, штосьці новае – наступныя два гады я буду жыць не ў Беларусі. І колькі б мінусаў у гэтай краіне не знайшлі, я усё роўна буду сумаваць па ёй і яе народу. Усім астатнім я пастараюся перадаць пах менскага метро, беларускі менталітэт, нашыя стравы, традыцыі, песні і шчырую славянскую любоў.

Калі вы таксама хочаце адчуць тое, што адчуваю я, адчуць сябе часткай сусветнага ДНК, адкрыць перад сабой магчымасці, знайсці сябе, знайсці новых сяброў, адчуць сябе беларусам і адначасова грамадзянінам сусвету, дапісаць сваё сачыненне у 4:33 раніцы і не парыцца аб ЦТ, then keep calm and apply to UWC. Будзьце сабой, любіце сусвет.

Tagged Before UWC